Страницы

Обзор материалов диска

вторник, 29 декабря 2015 г.

ПШ №12, 2015

У новы год крочым разам!!!
Дарагія педагогі! Вось і надходзіць час падводзіць вынікі 2015 г. Ён у нашай краіне быў абвешчаны Годам моладзі.
У часопісе адкрылася новая рубрыка — "Маладому спецыялісту". Спадзяёмся, матэрыялы, што падаюцца ў ёй, дапамогуць вырашыць шэраг праблем, звязаных з прафесійнай адаптацыяй маладога настаўніка, і знойдуць станоўчы водгук у шырокага кола педагогаў.
З палажэннем аб конкурсе "Творчасць маладых педагогаў" мы пазнаёмілі вас у № 11 і зараз чакаем цікавых напрацовак.
Ужо на працягу пяці гадоў мы вядзём рубрыку "Адрасы перадавога вопыту" і амаль штомесячна сустракаемся з творчымі высокапрафесійнымі калектывамі. Сёлета багатым вопытам дзяліліся СШ № 69 г. Гомеля, СШ № 25 г. Брэста, гімназія № 1 г. Слуцка, СШ № 3 г. Слоніма, гімназія г. Быхава. Знаходзяцца гэтыя ўстановы ў розных абласцях, але іх калектывы яднае творчы дух, гонар за малую радзіму, любоў да вучняў і да сваёй справы. Спалучэнне ўсіх гэтых крытэрыяў аб’ядноўвае асобных таленавітых педагогаў у творчы калектыў, у якім Асоба здабывае ўласную славу і працуе на імідж педагагічнай установы. А вучні ў такіх установах адчуваюць любоў і клопат, як кветкі пры добрым доглядзе, раскрываюцца сваімі найлепшымі гранямі, здзіўляюць і разнастайнасцю талентаў.

Мы пазнаёміліся таксама з педагогамі СШ № 111 г. Мінска і Далжанскай СШ Віцебскага раёна. Сваім багатым педагагічным вопытам яны падзеляцца з чытачамі ў першым паўгоддзі 2016 г.

У выніку плённага супрацоўніцтва з лепшымі педагагічнымі ўстановамі краіны сфарміравалася трывалае перакананне: той, хто цікавіцца метадычнымі матэрыяламі ў педагагічных часопісах, хто гатовы вучыцца ўсё жыццё, хто не спыняецца на дасягнутым, не задавальняецца набытымі ў вышэйшай установе ведамі, — той працуе з натхненнем. Яго ўрокі эфектыўныя для адукацыйнага працэсу і эфектныя для назіральніка. І такі педагог ахвотна дзеліцца сваімі напрацоўкамі, друкуе ўрокі ці іншыя мерапрыемствы ў сродках масавай інфармацыі, бо перакананы: чым больш аддаеш, тым больш атрымліваеш узамен. І тут гаворка не пра пэўныя матэрыяльныя складнікі — адбываецца ўзбагачэнне на духоўным і эмацыйным узроўнях. Трэба адзначыць, што сувязь фактаў "цікавіцца — чытае газеты і часопісы — дзеліцца вопытам" прасочваецца і па выніках падпіскі. Найбольшы працэнт падпісчыкаў менавіта ў тых раёнах, дзе адзначаецца высокі ўзровень адукацыйнага працэсу і кваліфікацыі педагагічных кадраў.

У гэтым нумары, па добрай традыцыі напрыканцы года, прадстаўляем вам нашых неардынарных аўтараў, якія атрымліваюць сертыфікаты за плённае супрацоўніцтва з рэдакцыяй часопіса.

Дарагія педагогі! Наш часопіс для вас, таленавітых, апантаных, улюбёных у сваю справу. Спадзяёмся, што вы адчуваеце нашу падтрымку, наша імкненне ўзбагачаць вашу метадычную скарбонку. Няхай жа вам стае сіл і здароўя ў новым годзе! Да новых сустрэч! Будзем разам!

Комментариев нет:

Отправить комментарий